Росіца (вёска)
Росіца лац. Rosica | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Дрысенскі |
Сельсавет: | Сар’янскі |
Насельніцтва: | 243 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2151 |
Паштовы індэкс: | 211641 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°55′13″ пн. ш. 27°45′51″ у. д. / 55.92028° пн. ш. 27.76417° у. д.Каардынаты: 55°55′13″ пн. ш. 27°45′51″ у. д. / 55.92028° пн. ш. 27.76417° у. д. |
± Росіца | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ро́сіца[1] (таксама — Расі́ца[1]) — вёска ў Беларусі, на паўночным беразе возера Росіцы. Уваходзіць у склад Сар’янскага сельсавету Дрысенскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 243 чалавекі. Знаходзіцца за 31 км на паўночны захад ад Дрысы, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Бігосава.
Росіца — даўняе мястэчка гістарычнай Полаччыны. У Другую сусьветную вайну тут адбылася Росіцкая трагедыя.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Росіцу датуецца 1552 годам: у «Рэвізіі Полацкага ваяводзтва 1552 году» Васіль і «братніч яго» Мікула Карцень «з Росіцаю» адказвалі за адну з гародзен на Полацкім замку. У 1599 годзе канцлер вялікі Леў Сапега набыў паселішча ў Давыда Росіцкага. Ён жа фундаваў тут царкву Сьвятога Яна Хрысьціцеля. У 1603 годзе ў Браслаўскім земскім судзе Леў Сапега заплаціў 1200 коп грошаў літоўскіх за росіцкі маёнтак Андрэю Міхайлавічу Карценю і яго жонцы Ганьне Марцінаўне. У гэты час Росіца ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводзтва.
У 1753 годзе Росіца перайшла ў валоданьне Мікалая Лапацінскага, пазьней да ягонага сына Тамаша[2].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Росіца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дрысенскім павеце Віцебскай губэрні. У 1778 годзе тут пачалося будаваньне невялікага драўлянага касьцёла, асьвечанага ў 1792 годзе. У 1807 годзе Барбара з Шадурскіх заснавала ў мястэчку шпіталь. У 1817 годзе Росіца перайшла да сына Тамаша Лапацінскага — Юзэфа, пазьней да ягонага ўнука Станіслава.
У 1864 годзе расейскія ўлады збудавалі ў Росіцы новую царкву-мураўёўку Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1906 годзе ў мястэчку пачалі будаваць новы мураваны касьцёл, асьвечаны 20 студзеня 1911 году.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Росіцу занялі войскі Нямецкай імпэрыі[3].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Росіца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Росіцу вярнулі БССР. Неўзабаве бальшавікі зачынілі касьцёл і царкву, зьнявечылі выгляд сьвятыняў.
У Другую сусьветную вайну 16—18 лютага 1943 году ў Росіцы прайшла антыпартызанская карная апэрацыя «Зімовы цуд(d)», у якой бралі ўдзел 7 латвійскіх батальёнаў, адна ўкраінская і летувіская рота СС. Карнікі зьвезьлі мясцовых жыхароў у стайню і падпалілі яе. Сьвятары Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра адмовіліся пакінуць сваіх парафіянаў і прынялі разам зь імі мучаніцкую сьмерць[4].
У 1999 годзе папа Ян Павал II абвясьціў кс. Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча блаславёнымі. 19 жніўня 2000 году ў Росіцы адбылося паўторнае асьвячэньне касьцёла. На 2001 год у вёсцы было 202 двары. Да 8 красавіка 2004 году Росіца ўваходзіла ў склад Бігосаўскага сельсавету.
-
Стары касьцёл
-
Будоўля новага касьцёла
-
Інтэр’ер касьцёла
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1838 год — 512 чал. (254 муж. і 258 жан.), зь іх духоўнага стану каталіцкага 3 муж., духоўнага стану праваслаўнага 2 муж. і 2 жан., мяшчанаў-хрысьціянаў 5 муж. і 7 жан., мяшчанаў-юдэяў 63 муж. і 69 жан., сялянаў зямянскіх 177 муж. і 176 жан., аднадворцаў 2 муж. і 2 жан., адстаўных салдатаў 2 муж. і 2 жан.[5]
- XX стагодзьдзе: 1982 год — 460 чал.; 1999 год — 516 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 495 чал.[6]; 2010 год — 243 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Росіцы працуюць школа, бібліятэка, клюб, пошта.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1906—1911)
- Сьвята-Эўфрасіньнеўская царква (1866, руіны)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Возера
-
Касьцёл, інтэр’ер
-
Руіны царквы
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 144—145.
- ^ Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 755.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Гудзілін, Сяргей (19 лютага 2011) Росіца. Сьнежная пілігрымка Культура. Рознае. Наша Ніва. Праверана 3 лютага 2022 г.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 416.
- ^ БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13. С. 408.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Росіца , Radzima.org
- Падарожжа Дылетанта. Росіца
- Росіца — парафія Сьвятой Тройцы на бачыне Catholic.by
- Росіца (рас.), Глёбус Беларусі
|